Колькі слоў пра Іслач-парк

Адзін з дзён вялікіх сакавіцкіх выходных мы правялі ў невялічкім трыпе - бавілі час ў аздараўленчым комплексе "Іслач-парк", што пад Ракавам. Падрабязней пра сам аздараўленчы комплекс можна паглядзець тут: https://i-park.by/. З безумоўных плюсаў такога адпачынку - лакацыя, бо дарога заняла ў нас прыблізна паўгадзіны, неверагодныя прыгожыя мясціны, добрыя ўмовы пражывання. Адсутнасць wi-fi менавіта ў нумарах я бы, бадай, яшчэ нядаўна расцаніла як мінус, але менавіта зараз бачу ў гэтым толькі плюс. Тут, сярод лесу, так і хочацца проста адпычыць і забыцца на пошту, сац. сеткі і тэлефон. Гэта ў мяне атрымалася вельмі добра, бо айфон мой не ўключаўся цэлы дзень :). Шкада толькі, што фотаздымкаў праз гэта будзе зусім няшмат. 

У кошт пражывання ўваходзіў сняданак, а таксама паўтары гадзіны адпычынку ў водна-тэрмальнай зоне. У дададак я абрала працэдуру ў касметалагічным кабінеце, чым засталася вельмі задаволеная. На жаль не ўзгадаю імя касметолага, але жанчына проста расцудоўная. Водна-тэрмальная зона ўяўляе з сябе невялікі басейн, а таксама дзве сауны - рускую і хамам. Шчыра кажучы, свой любімы хамам нават не чакала тут убачыць, таму для мяне гэта было прыемным сюрпрызам. Басейн і хамам для мяне - ідэальнае спалучэнне для адпачынку. 

Што датычыцца рэстарацыі - то, бадай, толькі тут ёсць шмат месца для росту. Па спалучэнні "кошт-якасць" хацелася б, канешне, большага. Пішу менавіта пра рэстарацыю на тэрыторыі комплекса, бо ёсць яшчэ і кавярня ў будынку водна-тэрмальнай зоны, але кавярня чамусьці была зачынена, таму яе мажлівасці мы ацаніць не змаглі. Трэба адзначыць, што на вячэру мы праехалі пяць хвілін ў "Лясную кавярню" пры дарозе (https://www.holiday.by/by/dom/suburbancafe/lesnoe), дзе агульны рахунак атрымаўся ў нас у тры разы таннейшым, а вячэра была вельмі смачнай (ды яшчэ і меню ёсць на ангельскай мове, што наогул здзівіла). 

Само ж месца "Іслач-парк" - надзвычай прывабнае, раіла б яго не толькі як месца для адпачынку з начлегам, але і месца, куды можна прыехаць пабавіць час, пагуляць, затусіць у альтанцы. Прынамсі, мы ў такім фармаце, спадзяюся, яшчэ абавязкова вернемся. Шкада толькі, што Харвікам у нумары ды ў домікі нельга, кажуць "кіраўніцтва змянілася, новыя правілы". Гэта кіраўніцтва проста нашага Харвіка не бачыла...