Кнігарня "Либрерия"

Зусім спантанна давялося заехаць у кнігарню "Либрерия" (https://libreria.by/), якую, дарэчы, даўно хацелася наведаць. Замінала, бадай, толькі месцазнаходжанне - нічога не маю супраць Новай Баравой, але персанальна для нас гэта далекавата). З іншага боку, дарога атрымалася значна карацейшай за тую, што ўяўлялася, ды й на Новую Баравую хоць паглядзець можна :). Шчыра кажучы, глядзець прыемна - чыста, светла, модна, можна заставацца жыць). 

У адным з дамоў па вуліцы Леанарда да Вінчы знаходзіцца кнігарня-кавярня "Либрерия". Болей за ўсё ў кнігарне імпануе, безумоўна, атмасфера. Хочацца заліпнуць з кавай, паслухаць дзіцячыя смешныя размовы, супыніцца і адпачыць. Выбар дарослых кніжак невялікі, у асноўным гэта кнігі для бацькоў і дзяцей. А колькі ж крутых дзіцячых кніг! Як шкада, што ў нашым дзяцінстве такіх не было. Спрабавала ўзгадаць - узгадваліся толькі нудныя кнігі з лімітаванай колькасцю ілюстрацый. Шкада толькі, што беларускамоўных кніг у кнігарне бракуе, а, калі быць дакладнымі, іх там наогул няма. Дзе яны, сучасныя беларускія кнігі? 

Акрамя кніг у "Либрерии" можна знайсці цікавыя нататнікі і планеры, тут я не сышла без набыткаў. 

Для дзетак у кнігарне прадугледжана зона для гульняў з вігвамам і іншымі забаўкамі. А яшчэ ў кнігарне час ад часу праходзяць разнастайныя майстар-класы і спектаклі для дзетак. Інфармацыю пра мерапрыемствы кнігарні можна знайсці ў профіле інстаграм https://www.instagram.com/libreria.by/. Шчыра радуюся, што ў Менску з'яўляюцца такія цікавыя месцы, няхай іх становіцца ўсё болей!