Ёсць такія гарады, з якіх ты яшчэ не ўехаў, а табе ўжо вельмі хочацца вярнуцца. Гэтае дзіўнае адчуванне ўзнікае, напэўна, ад недахопу часу на ўсе гарадскія прыгажосці. Менавіта такая любоў у нас атрымалася са Львовам. Калі я марыла пра Львоў, у маёй галаве ўсплывалі дзьве асацыяцаі - кава і шакалад. Такія асацыяцыі былі нездарма, але паездка ва Львоў атрымалася нашмат цікавейшай, чым чакалася. 

 

   Даўно Львоў вабіў да сябе, але толькі ў сакавіку гэтага года атрымалася да яго дабрацца, ды яшчэ нечакана для сябе - на самалёце (дзякуй зніжкам ад Belavia). Мы прыляцелі, засяліліся ў гатэль непадалёк ад зялёнага парку, які вельмі нагадваў нам адзін з нашых любімых пражскіх паркаў Стромаўка. Дзеля поўнай гармоніі не хапала толькі Харвіка. 

 

   Цікава, што калі мы прыйшлі засяляцца ў гатэль Дэліс (https://www.booking.com/hotel/ua/delice.ru.html), дзяўчына на рэгістрацыі глядзела на нас такім сумным позіркам, што мне падалося, быццам бы яна толькі што аддала апошні наш вольны нумар камусьці іншаму, і болей нам няма куды засяліцца. Але, як высветлілася, дзяўчына ўсяго толькі хацела паведаміць нам пра тое, што напор вады ў нашым нумары не вельмі моцны, таму гатэль прапануе зрабіць для нас 50 % зніжку. Што ж, прыемна, тым болей, што напор вады не выклікаў у нас асаблівых пытанняў). Такім чынам, дзьве ночы са сняданкамі на дваіх абыйшліся нам ў 30 даляраў. Прыемны кошт за гатэль непадалёк ад цэнтру ў ціхім і прыгожым месцы.  

   Не марнуючы часу ў гатэлі, мы накіраваліся спачатку ў парк, што знаходзіцца ля гатэлю, а адтуль пайшлі адразу ў цэнтр гораду. А там, канешне ж, і кава, і шакалад ... а менавіта і Львівська Копальня Кави, і Львівська Майстерня Шоколаду...

 

   Копальня Кави - месца даволі турыстычнае, але нягледзячы на колькасць турыстаў, вартае дзеля таго, каб туды схадзіць і нарэшце на свае вочы пабачыць, як жа капаюць каву ва Львове :). А вось Майстэрню Шакаладу трэба праходзіць хіба што з заплюшчанымі вачыма, каб не хацелася скупіць і з'есці ўвесь той шакалад, які ляжыць на палічках. А яшчэ Майстэрня Шакаладу - гэта, як мне падалося,  самая смачная кава, якую я да гэтага часу спрабавала. У рэшце рэшт мы не вытрывалі, і прыйшлося абедаць кавай і шакаладам. 

   З мансарды Майстэрні, што ў цэнтры гораду, адкрываюцца цудоўныя краявіды. З вышыні можна вельмі доўга разглядаць гэты горад поўны кантрастаў. Дахі прыгожых гістарычных пабудоў мяжуюць з амаль зруінаванымі жылымі дамамі. Але і ў гэтым ёсць свая асаблівая прыгажосць. 

 

   Падчас доўгіх шпацыраў па вуліцах гораду я думала пра тое, што Львоў - вельмі ўтульны горад. У мяне зусім нячаста ўзнікае адчуванне, што ў горадзе, куды мы прыехалі ў падарожжа, мне бы хацелася жыць. Падаецца, што Львоў - другі такі горад, апасля Прагі. Канешне, знаёмства маё са Львовам было даволі кароткае дзеля таго, каб спазнаць сапраўдны каларыт гарадскога жыцця, але, спадзяюся, у нас са Львовам яшчэ будзе мажлівасць пазнаёміцца бліжэй. 

   На вуліцы Вірменська насупраць кавярні "Гасова лямпа", мабыць, гледзячы на зацікаўленасць на нашых тварах, да нас падыйшла жанчына і пачала распавядаць нам розныя легенды пра вуліцу, на якой мы знаходзімся. Яе аповед доўжыўся хвілін пятнаццаць, і гэта было і нечакана, і адначасова вельмі міла. Вось так звычайны жыхар Львова стаў для нас самым сапраўдным экскурсаводам. 

   Дзеля таго, каб трохі адчуць мясцовага культурнага жыцця мы накіраваліся на бясплатны джазавы канцэрт у горадзе. Нечакана для нас на месцы канцэрту мы ўбачылі невялічкую і вельмі прыгожую і ўтульную кавярню "Штука" (http://www.shtuka.net.ua/).

 

   Такі канцэрт нават і канцэртам назваць складана... Гэта як старыя сябры прыйшлі да цябе на кухню і граюць на гітары тваю любімую музыку - такое адчуванне ўтульнасці і цеплыні. Пры гэтым ты п'еш гарбату з карпатскіх траў і проста адпачываеш душой. 

   Што датычыцца рэстарацый, вельмі каларытным месцам падалася нам ужо добра вядомая турыстам "Перша грильова ресторація м'яса та справедливости" (https://www.tripadvisor.ru/Restaurant_Review-g295377-d5063753-Reviews-The_First_Lviv_Grill_Restaurant_of_Meat_and_Justice-Lviv_Lviv_Oblast.html).

 

   З першага разу ў нас нават не атрымалася трапіць у гэтае месца, але мы вырашылі не здавацца і вярнуліся сюды на наступны дзень. Акрамя безумоўна смачных мяса і агародніны на грыле вы зможаце пазнаёміцца з цікавай легендай стварэння рэстарацыі і паглядзець на сапраўднага ката, які, паводле легенды, гэтую рэстарацыю і заснаваў. 

   Двух дзён на рознакаляровы Львоў нам падалося мала. Львоў - вельмі прыгожы, гасцінны і смачны горад. Колькі цікавых мясцін мы пабачылі, а колькі яшчэ трэба пабачыць!

 

   Што ж, чакай нас, Львоў, мы абавязкова яшчэ вернемся. 


Яндекс.Метрика