Мятлікі ад Машарскіх

Сёння мы пагутарым з Веранікай Машарскай, якая займаецца вырабам мятлікаў і іншых аксэсуараў з нацыянальным арнаментам. Вераніка распавядзе, як нарадзілася сямейная справа, з чаго пачыналася гісторыя брэнда "Batlosco" і што натхняе Вераніку і яе родных да творчасці.  
- Вераніка, распавядзіце, калі ласка, чым вы жывяце ў будзёным і прафесійным жыцці? Чым займаецеся, чым цікавіцеся? Аб чым вы марыце зараз?

- Асноўны мой занятак - гэта выраб гальштукаў ды мятлікаў. Таксама з'яўляюцца і іншыя новыя аксэсуары - паясы і яшчэ пэўныя новенькія рэчы (але гэта пакуль сакрэт). Я называю свой занятак "Мая справа" і зараз мае планы - гэта рэалізацыя ўсіх ідэй у "справе". Канешне, акрамя працы немалае месца займае і асабістае жыццё, а таксама развіццё і адукацыя ў разнастайных сферах жыцця. Я чалавек, які шмат чым цікавіцца, люблю разважаць, "пераварваць", навучацца і даведвацца пра штосьці новае і карыснае. 

Распавядзіце пра гісторыю стварэння дзейнасці па вырабу нацыянальных мятлікаў, з чаго яна пачыналася?   

- Брэнд "Batlosco" уяўляе сабой рамесніцкую дзейнасць сям'і Машарскіх. Сама назва "Batlosco" з'яўляецца скарачэннем фразы «біць ў цэль», з італьянскага - «battere lo scopo». Першапачаткова сям'я Машарскіх планавала займацца распрацоўкай дызайну і вырабам мужчынскага аксэсуару «мятлiк» са сваёй унікальнай ідэяй, стылем і мастацкай задумай. Аднак у далейшым паўстала новая, арыгінальная і сэнсавая ідэя - звязаць дадзены мужчынскі аксэсуар з абярэгам нацыянальнага каларыту. Так з'явіліся першыя мятлiкi ад Машарскіх з беларускім арнаментам. Хоць сама вышыўка і ствараецца машынай, аднак увесь працэс вырабу мятлiка па-ранейшаму застаецца ручной працай. 
- Якім чынам вы абіраеце арнамент для мятлікаў?
 
У арнаменце выкарыстоўваюцца як даволі вядомыя ўзоры (напрыклад, на папулярных цяпер «вышыванках») - «матыў Ярылы», «разетка», «зорка», арнамент беларускага флага; так і не моцна распаўсюджаныя - «трылiснiк», «земляроб» і інш.

Якім быў ваш першы выраблены мятлік? 
 
- Калі казаць пра мятлікі з арнаментам, то першы быў увогуле не з вышыўкай, першы мятлік быў са льну з малюнкам арнамента. 
Якая замова была самай незвычайнай? Ці ёсць цікавыя выпадкі, звязаныя з замовамі/вырабам мятлікаў?
 
- Дастаткова шмат было замоў цікавых і нават незвычайных. Тое, што за мяжу нашыя мятлікі адпраўляюцца - гэта, напэўна, дробязі. І даволі вядомыя асобы часам замаўляюць, і ў розных колькасцях бываюць замовы, і індывідуальных замоваў шмат...Але болей за ўсё мне падабаецца працаваць для вяселляў. Вельмі прыемна зрабіць светлае для такога цудоўнага свята. І такіх замоў хапае!) А потым глядзіш фотаздымкі маладых і вельмі радуешся - усё так прыгожа і стылёва выглядае! Так, я лічу, што гальштукі і мятлікі з нацыянальным арнаментам пры ўмелым падыходзе дапамагаюць стварыць вельмі стыльны вобраз! 

Якія складанасці сустракаюцца на шляху вашага майстэрства? Як вы іх пераадольваеце? 
 
- Складанасці...Я нават не магу ўзгадаць пэўныя складанасці, таму што любая складанасць - гэта не стоп-кран, гэта ўсяго толькі штуршок да рашэння праблем!

Што найболей падабаецца вам у вашай справе? 
 
- Мажліва, болей за ўсё - ідэі. У галаве іх столькі шмат)). Здзяйсняў бы іх хто-небудзь за мяне)), бо я не магу ўсё паспець). 

Што натхняе вас у дзейнасці? 
 
- Усё прыносіць натхненне. Па прафесіі я - дызайнер, таму натхненне прыносіць мне ўсё навокал. 

Як вашыя бацькі/родныя/сябры ставяцца да вашага майстэрства? 

- Дапамагаюць, ва ўсім! 

- Дзякуй вялікі, Вераніка і ўдачы вам у вашым майстэрстве!