Сёння мы пагутарым з Наталляй Крукавай, стваральніцай пякарні "Плюшкін дом" (http://plushkin.by/).

Наталля распавядзе пра сябе і свае любімыя заняткі, а таксама пра тое, з чаго ж менавіта пачалася гісторыя яе справы і творчасці. 

- Добры дзень, Наташа, распавядзі, калі ласка, чым ты жывеш ў будзённым жыцці? Чым займаешся, чым цікавішся? Аб чым марыш? Распавядзі, калі ласка, таксама пра сваю спартыўную дзейнасць. 

 

- Зараз значную частку майго жыцця займае праца юрыстам (састаўленне дамоваў, чытанне нарматыўных прававых актаў, перамовы і інш.), але калі я толькі выходжу за "вяртушку" КПП, ва мне прачынаецца нефармальны і творчы чалавек, які павінен да 8мі гадзін раніцы наступнага дня шмат чаго паспець!

 

Так, я займаюся спортам, а менавіта - спартыўным арыентаваннем, а ў 2010 годзе я стала майстрам спорту. На самай справе не ўяўляю свайго жыцця без гэтага значнага складніка, стараюся бегаць кожны дзень і, калі не паспяваю, то адчуваю, што дзень атрымаўся непаўнавартасны.

 

Выпечка ж прыйшла ў маё жыцце трошкі пазней за спорт, але з'яўляецца не меней важным складнікам для мяне. Вельмі хачу і спадзяюся, што атрымаецца калі-небудзь стварыць сваю пякарню-кандытарскую дзеля таго, каб людзі маглі частавацца слодычамі не толькі па якіх-небудзь нагодах, але і кожны дзень. Да прыкладу, прыемна будзе зайсці раніцай у "Плюшкін дом" і набыць да гарбаты свежае печыва ці зефіру. Я веру ў тое, што калі першапачаткова падыходзіць да сваёй справы з любоўю і не бачыць у справе толькі атрыманне карысці, то усё будзе нашмат лепей, смачней і утульней! Акрамя спорту і выпечкі я вельмі люблю падарожнічаць па новых краінах, чытаць і абменьвацца паштоўкамі праз Postcrossing. 

- Распавядзі, калі ласка, як і калі ты пачала займацца выпечкай разнастайных слодычаў.  

 

- Выпечка прыйшла ў маё жыццё разам са з'яўленнем новага маладога чалавека, а цяпер ужо - майго мужа). Спачатку я пякла толькі для яго, а потым стала разумець, што хачу займацца выпечкай сур'ёзна і гатовая аддаваць гэтай справе шмат часу. 

 

- Ці памятаеш ты свой першы выраб? Якім ён быў? 

 

- Калі казаць пра самы-самы першы выраб, то было гэта вельмі даўно. Я рабіла торт "Зебра". Зараз магу сказаць, што гэты торт - элементарны, але ж у той час ён падаваўся мне няўяўна складаным. І, канешне, без мамінай дапамогі не абыйшлося). 

- Як ты арганізуеш свой час дзеля таго, каб усё паспяваць? 

 

- Так, час - гэта заўседы слабае месца і часу заўсёды мала, колькі б яго ні было. 

Па-першае, мне вельмі пашэнсіла з тым, што я "жаўрук" і лёгка магу прачынацца рана нават у выходны дзень. Па-другое, апасля пачатку працы графік быў змешчаны на гадзіну раней (да 8 гадзін) - і вось, 1 гадзіна ў мяне ўжо ёсць  ў запасе. А далей працуе Time-management;).  Я стараюся прадумваць, што і ў якой паслядоўнасці рабіць.

 

І яшчэ ёсць два правілы: 

1) Трэба быць упэўненым у тым, што ты ўсё і ўсюды паспееш, не марнаваць час на роздумы.

2) Не спяшацца (у сэнсе мітусні), бо з гэтага ніколі нічога добрага не атрымоўваецца. Нядаўна прачытала мудрую фразу "Спяшацца - значыць рабіць павольныя рухі без перапынку". 

- Ці ёсць у цябе ўлюбёны рэцэпт (улюбёны слодыч)? Калі так, то які? 

 

- Як ні дзіўна, але болей за ўсё мне падабаецца несалодкая ежа). Але ўлюбёны дэсерт, канешне, таксама ёсць. Атрымоўваю вялізную асалоду ад сінабонаў (па-нашаму - булачкі з карыцай), а таксама ад цірамісу. 

 

- Якія складанасці сустракаюцца на шляху твайго майстэрства? Як ты іх пераадольваеш? 

 

- Усе складанасці ў мяне звязаныя альбо з часам, у які я займаюся юрыдычнай дзейнасцю, альбо з недахопам у нас у краіне некаторых інгрэдыентаў дзеля кандытарскай справы. Калі ў Беларусі чагосьці няма, то прыходзіцца замаўляць на замежных сайтах. Але, у прынцыпу, усё вырашаецца. 

- Што найболей падабаецца табе ў тваёй справе? 

 

- Болей за ўсё я люблю сам працэс гатавання - замешванне цеста, тэмпераванне шакаладу, прыгатаванне сіропаў, ганашу, крэмаў - мяне гэта зачароўвае і адцягвае ад непатрэбнай інфармацыі, якая збіраецца за дзень. Таксама вельмі моцна я люблю радасць замоўцаў, якія застаюцца задаволенымі знешнім выглядам вырабу і яго смакам. Тады я адчуваю сябе яшчэ болей шчаслівай! 

 

- Што натхняе цябе у дзейнасці? 

 

- У першую чаргу мяне натхняя і дапамагае мне мой муж Дзіма. 

 

- Дзякуй вялікі, Наташа, за расповед! Поспехаў табе у жыцці і ў тваёй справе! 

Фота: з архіву Наталлі 


Яндекс.Метрика