Гэты невялічкі расповед - частка апавяданняў пра наша надзвычайнае падарожжа ў Грэцыю, а менавіта на востраў Крыт. Гэтым годам нам вельмі хацелася пазнаёміцца з Грэцыяй, а наконт Крыту - сумнёваў не было, гэта рашэнне атрымалася неяк само сабой. Квіткі на самалёт былі замоўлены, была замоўлена машына для падарожжаў па востраве, а мы з нецярпеннем чакалі сярэдзіны верасня, каб ізноў хоць на трошкі часу вярнуцца ў лета. Шчыра кажучы, на выбар гатэляў гэтым разам мы адвялі значна меней часу і большасць з іх мы замаўлялі ўжо непасрэдна перад паездкай (мажліва, таму яны атрымаліся такія розныя, але ў той жа час кожнае месца было са сваім характарам). 

 

І вось мы ўжо ў самалёце, не верым самім сабе, што праз некалькі гадзін мы апынемся на цёплым Крыце, будзем гуляць па беразе і з асалодай дыхаць марскім павертрам.  

 

Мы прыляцелі ў невялічкі аэрапорт у горадзе Ханья. Непасрэдна ў нашым крытскім падарожжы мы атрымалі першы вопыт карыстання арэндным аўто. Што ж, атрымалі мы машыну пасля прылёту вельмі хутка і лёгка. Амаль праз хвілін 15-20 мы сядзелі ў салоне нашага белага Nissan Micra, а з магнітолы лілася музыка, загадзя прыгатаваная намі да падарожжа. Машынка шпарка ляцела па дарозе і ведаць яшчэ не ведала, па якім бездарожжы мы павядзем яе падчас нашага падарожжа. 

 

Увечары мы прыехалі ў наш транзітны гатэль і пайшлі на сустрэчу з морам. Наступае ноч, навокал - шум мора, а ў галаве - толькі ціхае адчуванне таго, што ёсць толькі ты і колькі дзён разам з морам. 

На наступны дзень мы распачалі сваё падарожжа па востраве. Першапачаткова мы спыніліся ў вобласці Ханья. Тут планаваліся паездкі на розныя пляжы і падарожжа па ўзбярэжжы. Спыніліся мы ў цікавым месцы, стылізаваным пад традыцыйны крыцкі домік. А адной з першых кропак нашага падарожжа стаў добра вядомы турыстам пляж Балас.

Гатэль Elia, Kavousi Falaserna, Chania  

Пляж Балас (Balos beach) знаходзіцца прыкладна на адлегласці пяцідзесяці кіламетраў ад горада Ханья (Chania) і зусім непадалёк ад горада Кісамос (Kissamos). Шлях да пляжа Балас наўрад ці можна назваць лёгкім. Вузенькі серпанцін з разбітай дарогай. Час ад часу мне станавілася трошкі страшна нават на месцы пасажыра, не кажучы ўжо пра месца кіроўцы. Пасля такой дарогі на машыне, а машын там было даволі шмат, трэба яшчэ добра прайсці пешшу ўніз па схіле гары. Для тых, хто не хоча ісці самастойна, а таксама для тых, хто жадае атрымаць новыя ўражанні, на шляху да пляжу існуе Donkey taxi. Але, шчыра кажучы, вельмі шкада мне было гэтых вослікаў, што то падымаліся, то спускаліся з гары. 

 

Пляж Балас можна ахарактэрызаваць як сапраўдныя пяцьдзесят адценняў сіняга. Прытым, да пляжа можна дабрацца рознымі шляхамі, адзін з якіх - паромная пераправа з іншых мясцін. Але калі ісці пешшу (спускацца з гары), адкрываецца неверагодны абсяг мора, а рознакаляровасць мора найболей прыгожа выглядае менавіта з вышыні. Такое прыгожае мора я бачыла ўпершыню. Але ж Балас - гэта месца не столькі для аматараў паплаваць, колькі для аматараў пагуляць і паглядзець на прыгожыя мясціны. 

Задаволеныя і трошкі стомленыя мы вярнуліся ў наш домік гатэля Elia і назіралі цудоўна прыгожы заход сонца. Зусім непадалёк ад гатэлю ёсць некалькі традыцыйных рэстарацый са смачнымі стравамі, куды можна перамясціцца і назіраць за заходам сонца ўжо за вячэрай. Гатэль Elia - вельмі прыемнае месца. Для тых, хто плануе спыніцца ў гэтай частцы Крыту, можам смела парэкамендаваць гэтае месца. З плюсаў можна назваць адназначна самы лепшы краявід, цікавы інтэр'ер і добрыя сняданкі, з мінусаў - пэўныя канструктыўныя недахопы (якія, напэўна, з часам выправяцца, бо гатэль яшчэ новы) і дзіўныя чорныя чарвячкі, што поўзаюць па балконе і час ад часу залазяць у пакой (прынамсі нідзе болей мы іх не сустракалі). Далей нас чакалі новыя месцы...


Яндекс.Метрика