Пасля падарожжа ў Францыю пачынаеш яскрава разумець: ёсць пэўныя рэчы ў французаў, якім хочацца выказаць захапленне. Глядзіш на людзей, так і хочацца прывезці з сабой трошачкі "французскага". За тыдзень знаходжання ў Францыі я адзначыла для сябе як мінімум сем рэчаў, якім можна павучыцца ў французаў.
1. Смачна гатаваць
Тыя, хто бываў ва Францыі, альбо спрабаваў французскую кухню, ведаюць, французская кухня вельмі асаблівая. Захапляе само стаўленне французаў да кухні, нацыянальных страў, а таксама ўвага да дробязей. Усё не толькі смачна, але і вельмі прыгожа.
2. Атрымліваць асалоду ад кожнага моманту
Гэта на ўзроўні адчування людзей...Але мне падалося, што французы значна лепей за беларусаў умеюць атрымоўваць асалоду ад моманту "тут і зараз". Не хвалююцца, не мітусяцца, а ўсяму адводзяць свой час. Калі гэта час з сябрамі ці сям'ёй, то ён такім і будзе, а не будзе мітуслівым вырашэннем пытанняў падчас. Асабіста мне гэтай асаблівасці вельмі хочацца навучыцца болей.
3. Болей камунікаваць
Гэтая асаблівасць, бадай, вельмі звязана з наступнай традыцыяй. Цікава, што для нас так ці інакш, прыём ежы - гэта перш за ўсё прыём ежы. У французаў жа, падаецца, прыём ежы - гэта мажлівасць пакамунікаваць з іншымі людзьмі. Гэта будзе хутчэй за ўсё няспешная вячэра, якая расцягнецца як мінімум на некалькі гадзін і будзе суправаджацца прыемнай гутаркай блізкіх людзей.
4. Традыцыі аперо
Традыцыя аперо стала для мяне вынаходкай. Канешне, для нас не вельмі звыкла - адводзіць шмат часу на закуску да прыёму асноўнай стравы, але як жа гэта крута! Смачныя закускі з віном і гутаркі-гутаркі-гутаркі!
5. Разбірацца ў віне
І канешне віно! Падаецца, віно ёсць ў крыві кожнага француза... Думаю, не сустрэўся на нашым шляху чалавек, які б абыякава ставіўся да віна, альбо не разбіраўся бы ў яго якасці. Як жа нам гэтага не хапае! Эх, можна гадзінамі стаяць у беларускіх крамах і ўсё роўна нічога не зразумееш)). Дзякуй, хоць зараз у мяне ёсць прыкладанне Vivino.
6. Нацыянальнай свядомасці
Вось і нам бы такое адчуванне нацыянальнай свядомасці! Колькі гонару за краіну гучыць скрозь гутаркі французаў. А на нітачку французскага гумару так і нанізаны разнастайныя жарты з адценнем нацыянальнай свядомасці.
7. Любіць музыку
Падаецца, гэтая любоў да французскай музыкі настолькі захапіла і мяне пасля падарожжа, што адна з першых рэчаў, якую я зрабіла па прыездзе, - я замовіла два CD дыскі (адзін - Мішэля Леграна, другі - Франсуазы Ардзі). Хочацца болей аддаваца музыцы і болей часу адводзіць на музычнасць. Каб улюбёная музыка ўсё так жа грала за вячэрай, як яна грае ў Францыі...