Падарожжа на востраў Крыт. Частка другая.

Пра самы лепшы пляж

У гэтай частцы нашага расповеду пра падарожжа на востраў Крыт будзе ісці гаворка пра самы лепшы пляж, на якім мы пабывалі на востраве. Пляж гэты называецца Элафанісі (Elafonisi beach).

І напрыканцы нашага падарожжа, калі мы ўжо паглядзелі на розныя-розныя пляжы, пляж Элафанісі застанецца назаўсёды нашым фаварытам на востраве Крыт.

 

Да пляжа Элафанісі можна значна прасцей даехаць, чым да пляжа Балас, а таксама значна прасцей можна пакінуць машыну, бо непасрэдна ля Элафанісі знаходзіцца вялікая танная стаянка для аўтамабіляў. Ды й па прыгажосці сваёй пляж Элафанісі зусім не саступае так добра вядомаму Баласу. Цікава, што ў перакладзе з грэчаскай мовы востраў Элафанісі значыць "востраў аленяў". Сувязі з аленямі мы ( і як, падаецца, і сам даведнік па востраве) так і не знайшлі, але факт цікавы. 

Бераг на пляжы дастаткова мелкі, што вельмі добра падыходзіць для дзяцей. Трэба далёка зайсці для таго, каб адчуць глыбіню.

Вада - такая ж казачна празрыстая. У сукупнасці з горамі і яркім сонейкам складае неверагодна прыгожую карціну. Падаецца, што Элафанісі - самы прыгожы пляж, на якім мы былі дагэтуль.

Пляж Элафанісі таксама добра вядомы, перш за ўсё - праз свой ружовы пясочак (які атрымоўвае такі свой колер з-за своеасаблівых горных (ці не горных) парод :). На фотаздымках, ён, канешне, выглядае болей ружовым, чым у жыцці, але пясочак, безумоўна, прыгожы. Пляж (нават у параўнанні з Баласам) вялізны, таму вялікая колькасць людзей на ім не складае адчуванне мурашніку. Але на пляжы трэба быць гатовымі да моцнага ветру, які вельмі часта тут бывае. Гэта ўжо асаблівасці клімату. 

 

Непадалёк ад пляжу знаходзіцца невялікае пляжнае кафэ, ды й наогул уся інфраструктура для камфортнага адпачынку прысутнічае. 

Зусім недалёка ад пляжа знаходзяцца пясчаныя выдмы - амаль такія ж, як у літоўскай Нідзе, але з цікавай своеасаблівай расліннасцю. Апасля адпачынку на пляжы можна пагуляць па выдмах, пагрэць ножкі ў цёпленькім жоўценькім пясочку і атрымаць асалоду ад прыгажосці навокал. 

Пра грэчаскую кухню

Апасля нашага адпачынку на пляжы Элафанісі мы паехалі ў наш гатэль (Elia), зусім недалёка ад якога знаходзіцца традыцыйная грэчаская таверна. Там мы ўпершыню і пазнаёміліся з мусакай. Мусака - традыцыйная грэчаская страва, якая "па сэнсе" трошкі нагадвае лазанью, але па смаку і складнікам - зусім іншая страва. Складнікамі мусакі з'яўляюцца баклажаны, мяса, кабачок, соус бешамель і інш. Існуюць разнастайныя варыяцыі дадзенай стравы ў тым ліку і ў залежнасці ад асаблівасцяў мясцовай кухні. Пры ўсёй маёй шчырай нелюбові да баклажанаў і кабачкоў мусака мне вельмі спадабалася (і такое бывае). Канешне, як потым мы змаглі заўважыць, нават у адным горадзе ў розных рэстарацыях смак гэтай стравы вельмі адрозніваеца. Таму, дзеля таго, каб зразумець мусаку, трэба паспрабаваць яе ў некалькіх тавернах. 

Пра самы лепшы краявід

Такім чынам, гэта быў наш апошні дзень і вечар у гатэлі Elia і дадзенай мясцовасці вострава, нас чакаў доўгі шлях далей, у новыя цікавыя мясціны, пра многія з якіх я нават яшчэ і не ведала.

Мы праводзілі сонца, што сыходзіла за гарызонт і, гледзячы на цудоўны краявід, што адкрываўся з нашага балкона, з салодкім прадчуваннем незнаёмага думалі пра тое, што нас чакае далей у нашым падарожжы.