Менск летні і трошачкі шведскі

   Асаблівая любоў да свайго гораду прыходзіць не адразу.

 

   Ці гэта толькі падаецца, ці насамрэч, менавіта апошнім часам Менск усё болей радуе цікавымі мерапрыемствамі, стылёвымі рэстарацыямі і кавярнямі, а галоўнае - шчаслівымі людзьмі на вуліцах гораду. А калі і не вельмі шчаслівымі, то, прынамсі, задаволенымі. 

 

   Так, 3 чэрвеня прайшоў дзень шведскай культуры ў Верхнім горадзе і, падаецца, з кожным такім святам усё болей людзей далучаецца да агульных мерапрыемстваў. Што тычыцца шведскай культуры, то да яе ў мяне, безумоўна, своеасаблівыя адносіны. Мая любоў да Швецыі пачалася яшчэ з далёкага ўніверсітэцкага падарожжа, потым умацавалася вывучэннем шведскай мовы, а зараз...проста жыве ва мне. 

   І вось ужо ў цэнтры гораду гучаць такія вядомыя нам песні гуртоў ABBA, Ace of Base, Roxette, і паўсюль можна ўбачыць шведскія сцяжкі. Людзі спяваюць, і ніхто не саромеецца таньчыць што ёсць моцы. 

 

   Шведскі лосік ствараў для ўсіх добры настрой. Складана было пачуць, што ён хоча праз свой вялізны нос, але прыйшлося хутка зразумець, што ён таксама хоча таньчыць). 

   Для тых, хто прыехаў раней (а не так, як мы), праграма была насычаная. На жаль, прапусцілі частку свята. Асабліва цікава было б паглядзець на прэзентацыю Volvo. Увечары таксама быў вялікі канцэрт, але мы ўжо паехалі глядзець "Нелюбоў" Андрэя Звягінцава. 

 

   Падчас святкавання дня шведскай культуры можна было паспрабаваць шведскія прысмакі. Кажуць, было вельмі смачна, асабліва ў намёціку Spoon :). 

   Канешне, на шведскім свяце не абыйшлося без сустрэчы з маімі "шведскімі" сябрамі. Выпадковыя ці зусім не выпадковыя сустрэчы? 

Дарэчы, свята шведскай культуры - першае свята гэтага лета ў шэрагу святаў культур розных краін.

Ніжэй можна пабачыць спіс святаў, што чакаюць нас гэтым летам і восенню: 

 

  • 10 чэрвеня - свята рускай культуры; 
  • 17 чэрвеня - свята казахскай культуры;
  • 24 чэрвеня - свята літоўскай культуры;
  • 29 ліпеня - свята фінскай культуры;
  • 5 жніўня - свята карэйскай культуры;
  • 12 жніўня - свята азербайджанскай культуры;
  • 19 жніўня - свята ўкраінскай культуры;
  • 26 жніўня - свята армянскай культуры;
  • 27 жніўня - свята індыйскай культуры;
  • 2 верасня - свята грузінскай культуры;
  • 3 верасня - свята італьянскай культуры;
  • 16 верасня - свята польскай культуры;
  • 17 верасня - свята габрэйскай культуры;
  • 23 верасня - свята грэчаскай культуры. 

Хочацца схадзіць на ўсе, але, для сябе пакуль абрала некалькі святаў, на якія мы сходзім абавязкова. 

А вы якія наведаеце? :)