Гэтае летняе падарожжа ў Нармандыю атрымалася вельмі чаканым і нечаканым адначасова. Калі ўжо гэты накірунак у думках адыходзіў на далёкія-далёкія планы, жыццё ўнесла пэўныя карэктывы і мы накіраваліся ў Нармандыю на вяселле нашых сяброў.
"Можа, паедзем на машыне?" - прабегла ў нас думка. І...шалёная на першы погляд, на другі погляд яна ўжо зусім не падалася такой шалёнай. І вось мы ўжо два дні запар едзем у Францыю. Едзем амаль без перапынкаў, бо трэба паспець прыехаць загадзя. Ведаеце, адны толькі краявіды Нармандыі каштуюць таго, каб ехаць у гэты рэгіён Францыі на менавіта на машыне. Гэта дзіўнае адчуванне - доўга марыць пра пэўныя далёкія мясціны, бачыць іх толькі на фотаздымках у Google. А потым ехаць у чаканні сустрэчы "офлайн". Прыблізна так мы ехалі два дні да Нармандыі, пакуль праз вокны машыны не паўсталі знаёмыя пейзажы.
Гэта паездка была для нас вельмі асаблівай, бо ехалі мы да сяброў і нам вельмі пашэнсіла апынуцца ў французскай сям'і, на пэўны час убачыць "французскае жыццё" знутры і, канешне, падзяліць радасць з нашымі сябрамі на вяселлі. Таму гэтая паездка атрымалася болей не пра турыстычныя месцы, а пра пачуцці і эмоцыі.
І, канешне, пра мора. Берагі Нармандыі - адны з самых прыгожых. Падаецца, не хапае толькі невялічкага доміка на беразе і Харвіка з намі..каб застацца назаўсёды. На беразе мора вельмі яскрава адчувалася: шукаюць пары ў Бларусі месцы для фотасету, а калі ёсць мора - нічога болей не патрэбна. Мора - гэта ўжо сама па сабе лепшая абсталёўка для лепшых вясельных здымкаў.
Нармандыя для мяне - казка. І чым глыбей у невялічкія гарады і вёсачкі - тым болей ты адчуваеш сапраўдную прыгажосць і казачнасць.
І зусім не важна, што ніхто не размаўляе па-ангельску. Дастаткова шчырай усмешкі і некалькі французскіх слоў, каб падзякаваць гэтым светлым людзям.