Падарожжа на востраў Крыт. Частка трэцяя. Горная.

З нядаўняга часу кожная наша паездка арганічна спалучаецца з паходам у горы (пра які, як правіла, да апошняга моманту я мала што ведаю). Так, наступнай кропкай нашага падарожжа па востраве Крыт стаў невялічкі рыбацкі гарадок Хора-Сфакіон (Χώρα Σφακίων).

 

Раён вострава, дзе знаходзіцца Хора-Сфакіон, называюць Сфакія, а сам гарадок з'яўляецца цэнтрам дадзенага рэгіёну. Насельніцтва ўсяго гарадка складае каля чатырохсот чалавек. У Хора-Сфакіон мы прыехалі на машыне пад вечар. Мы павячэралі, засяліліся ў гатэль (які на гэты раз быў болей падобны на савецкую гасцініцу) і пачалі падрыхтоўку да паходу, бо раніцай на мясцовым аўтобусе мы павінны былі накіравацца да суседняй вёсачкі Арадэна. 

Прачнуцца вельмі рана ў адпачынку - для нас ужо звыклая тэма. На сняданак мы пайшлі ў адну з мясцовых булачных. Хора-Сфакіон настолькі невялічкі горад, што, падаецца, усё навокал ведаюць адзін аднаго, а на ўвесь горад - некалькі булачных, гатэляў, іншых культурных месцаў, якія стварылі розныя сем'і. Так, выпіць кавы раніцай мы накіраваліся ў булачную, якую трымалі гаспадары нашага ж гатэлю. Здоба тут была самай смачнай, якую я пакуль што спрабавала. Асаблівы смак прыдае, канешне, той факт, што здоба гарачая, а раніцай ды й наогул - толькі-толькі з печы. 

 

Рэгіён Сфакія добра вядомы сваёй кухняй, а менавіта - сваімі пірагамі, якія гатуюцца з мясцовым сырам і аліўкамі. Выглядае такі пірог вельмі прыгожа і смачна, але, шчыра кажучы, спрабаваць не сталі (напэўна, праз маю нелюбоў да алівак). Так, мы выпілі кавы і пайшлі на аўтобусны прыпынак дзеля таго, каб патрапіць у вёску Арадэна. Каля гадзіны па горных серпанцінах - і мы на месцы. 

З вёскі Арадэна мы пачалі свой шлях. У гэтай мясцовасці ёсць некалькі вядомых турыстычных маршрутаў.

Асабліва вядомы маршрут - пераход праз Арадэнскую цясніну, але па гэтым маршруце пайшлі шматлікія турысты, якія прыехалі з намі на аўтобусе, таму мы вырашылі пайсці ў іншы бок).

Тым болей нас чакаў самастойны і доўгі маршрут, бо класічныя маршруты мы не абіраем, ідзем па хардкору). Дзякуй толькі, што навігацыя выратоўвае.

 

Цікава, што козачкі забіраюцца на такія вяршыні, так далёка ад вёскі, што часам нават дзіўна становіцца, як яны праходзяць такую адлегласць. Нават далёка і высока-высока ў гарах заўсёды чуваць званочкі, што вісяць на іх шыях. Час ад часу знаходзілі ў цяснінах рожкі ды ножкі, гэта ўжо, канешне, выглядае не так рамантычна. 

Не ведаю, чаму на мапах наш маршрут быў абазначаны, як турыстычная сцяжынка... Бо на практыцы гэта выглядала так: 

Муж заўсёды абірае вельмі цікавыя і прыгожыя маршруты, шкада толькі, што я яшчэ трохі не гатовая для некаторых маштабных планаў падчас нашых трыпаў.

Пасля паловы дня ў паходзе прыйшлося трохі скараціць маршрут. Для мяне гэта быў, бадай, самы першы паход, у якім ты проста ідзеш і адчуваеш, што наогул зусім-зусім нікога няма, і наўрад ці хто-небудзь сустрэнецца на нашым шляху.

Час ад часу турыстычная сцяжына наогул гублялася і зразумець наш шлях далей можна было толькі па маленькіх вежачках, якія былі змайстраваны з камянёў на нашым шляху. Гэта было адначасова і вельмі цікава, і трошкі нервова. 

Глядзелі зверху на гэтую цясніну, і станавілася страшна. А потым гэтую ж цясніну мы перайшлі. 

Нашыя прыгоды і паходы атрымліваюцца заўсёды самай складанай, але ў той жа час і самай цікавай нашага падарожжа. 

Амаль пад заход сонца мы вярнуліся пешшу ў вёску Анаполі, дзе мы павінны былі спыніцца на начлег. Але вёска Анаполі патрабуе асобнай гаворкі :).