Аднымі снежаньскімі выходнымі мы нарэшце вырашылі здзейсніць паездку ў Друскінінкай. Даволі часта чула ад сяброў добрыя словы пра гэты горад, але самім пабываць у Друскеніках неяк не выдавалася. Так, ці тое ад суму, ці тое пад натхненне, быў замоўлены чарговы гатэль і ў пятнічку пасля працы мы адправіліся ў гэты невялічкі літоўскі горад. Як заўсёды, прысутнічала хваляванне накот мяжы, бо мы былі вельмі стомленыя і хацелася, безумоўна, як мага хутчэй прыехаць на месца і адпачыць. Што ж, сказаць, што Прывалкі - гэта самы шыкоўны пункт пропуску на мяжы, гэта нават нічога не сказаць. Праз пэўныя хвілін 20 мы былі ўжо ў Літве, ехалі па лясной прысадзе, а за вокнамі падаў казачны снег.
І вось, колькі хвілін і мы ўжо ў Друскеніках. Харвік радасна бегае па нумары гатэлю і абнюхвае ўсё навокал. Тут яму давядзецца правесці выходныя). З надвор'ем нам вельмі пашэнсіла, а гэта ў сваю чаргу, канешне, паўплывала на агульнае ўспрыманне гораду. Надвор'е - сапраўднае зімовае, свеціць сонейка, ўсё як у класічным вершы "мороз и солнце, день чудесный". Толькі мы не "дремали", а з самага ранку пайшлі гуляць з Харвікам па горадзе, каб пазнаёміцца з Друскенікамі і потым пакінуць Харва адпачываць у гатэлі, а самім пайсці на паўдні ў аквапарк.
Аквапарк (http://akvapark.lt/) стаў для нас асноўным планам на суботу. Квіток на дзень на чалавека (разам з лазнямі) каштуе 30 еўра (што прыблізна супадае з коштам мінскага аквапарку). У выніку прабылі мы ў аквапарку каля пяці гадзін і, падавалася, што можна было і яшчэ патусіць), але ў гатэлі чакаў сабачка. Аквапарк спадабаўся вельмі, асабліва нас уразіў, безумоўна, комплекс з лазнямі. Каля 20 разнастайных тэматычных лазняў, працэдуры ў пэўны час, цікавае абсталяванне. У параўнанні з менскім, вільнюскім аквапаркам дадзены стаў нашым фаварытам. Абавязкова вернемся сюды яшчэ раз.
Увечары людзей у горадзе шмат, у рэстарацыі з добрымі водгукамі не прабіцца. Паспрабавалі патрапіць у рэстарацыю Sicilia (і ў адну, і ў другую) - усюды не было месцаў, на жаль. Пайшлі далей у пошуках ежы, натрапілі зусім непадалёк ад нашага гатэлю ў Forto Dvaras (https://www.tripadvisor.ru/Restaurant_Review-g277798-d2515444-Reviews-Forto_Dvaras-Druskininkai_Alytus_County.html), засталіся задаволеныя, бо атрымалі смачную вячэру літоўскай кухні за вельмі дэмакратычны кошт. Але Сіцыліяй я ўсё ж засталася заінтрыгаванай).
У нядзелю мы доўга гулялі па вуліцах гораду і разумелі, што любоў з першага погляду да Друскенікаў адбылася. Людзі навокал - чулыя і ветлівыя, і да гэтага ты нават не вельмі звыклы). Мясцовыя жыхары, канешне, кажуць, што горад не для моладзі, што моладзі тут рабіць няма чаго і знаходзіцца вельмі сумна. Мажліва, калі пажыць у Друскеніках прыкладна з месяц, можна згадзіцца з дадзенай думкай, але як горад на выходныя - гэта шыкоўны горад (асабліва для людзей, якія стаміліся ад мітусні і людзей :)). А ці былі вы ў Друскеніках? Якія ў вас уражанні?